«ЧАТЫРНА́ЦЦАЦЬ ПУ́НКТАЎ»,
умовы міру (14 артыкулаў), выкладзеныя прэзідэнтам ЗША Т.В.Вільсанам у канцы 1-й сусв. вайны ў пасланні да кангрэса ад 8.1.1918. Прадугледжвалі: адкрытыя мірныя перагаворы; поўную свабоду суднаходства; скасаванне мытных бар’ераў; устанаўленне гарантый, што забяспечвалі б скарачэнне ўзбраенняў; урэгуляванне калан. пытанняў; вызваленне Германіяй усіх акупіраваных тэр. Расіі, у т. л. Беларусі, і магчымасць Расіі самой вызначыць сваё паліт. развіццё; вызваленне і развіццё Бельгіі; вяртанне Эльзаса і Латарынгіі Францыі; аднаўленне акупіраваных Германіяй раёнаў Францыі; выпраўленне межаў Італіі ў адпаведнасці з нац. прыкметай; магчымасці аўт. развіцця народаў Аўстра-Венгрыі; вызваленне Германіяй акупіраваных тэр. Румыніі, Сербіі, Чарнагорыі, уступка Сербіі выхаду да мора; магчымасці аўт. развіцця нетурэцкіх частак Асманскай імперыі, адкрыццё праліва Дарданелы для суднаў усіх краін; стварэнне польскай дзяржавы; арганізацыя Лігі Нацый. Пасля вайны шэраг палажэнняў «Ч.п.» Вільсана рэалізаваны ў Версальскім мірным дагаворы 1919 і інш. дагаворах Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.
т. 17, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)